ПО́РПЛІШЧАНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 1-й пал. 17 ст. ў в. Порплішча Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Пабудавана ў 1627, перабудавана ў 1794 з элементамі класіцызму. Крыжова-купальны храм з планам у выглядзе лац. крыжа. Зрубы накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі. Над сяродкрыжжам масіўны 8-гранны светлавы барабан, завершаны гранёным купалам з галоўкай. Абапал 5-граннага алтарнага зруба невял. прамавугольныя ў плане рызніцы. У 1883 да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца з бабінцам у ніжнім ярусе, накрытая невысокім 4-схільным шатром.

Т.​В.​Габрусь.

Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)